АЛІПОЛЕ – АЛІКАМЕНЬ.КАХАННЕ

Даўным-даўно, калі фатаграфіі яшчэ рабіліся фотаапаратамі на адмысловыя стужкі, якія потым праяўляліся ў спецыяльных бачках хімічнымі растворамі, жыла сабе маленькая дзяўчынка, якую клікалі Альжбета. Яна была рудавалосай, недысцыплінаванай і вельмі любіла тупаць сваімі ножкамі, калі нешта не падабалася.
Аднойчы яна сур'ёзна захварэла, і ёй давялося доўга ляжаць ў вялізным брудным шпіталі, які даўно чакаў рамонту. Там тынк абсыпаўся са столяў, фарба аблезла са сценаў, а ліфты трэсліся і страшэнна рыпелі. Худзенькай дзяўчыне ў акулярах не было з кім пасьмяяцца ці пасвавольнічаць, але, паколькі яна нічога не баялася, то часьцяком начамі выбіралася са саваёй бальнічнай палаты на прагулкі. Ёй падабалася хадзіць па цёмных калідорах і марыць, што, калі б у яе былі адпаведныя інструменты, яна б адрамантавала увесь шпіталь: закруціла бы ўсе шурупы, прыляпіла бы на мейсца плітку, пафарбавала сьцены.
Праз некалькі гадоў Альжбетка падрасла, а лекарам удалося яе вылечыць. Цяпер яна магла вярнуцца дадому і ў сваю школу. За гэты час яна ператварылася не тольку ў зграбную, але разумную і ветлівую дзяўчыну.
Ей вельмі хацелася дапрацаваць занядбанае, і яна старанна вучылася. А неяк пасьля школы яна пашыла сабе са старых вельветавых штаноў торбачку. Торбачка атрымалася прыгожай, у ёй было некалькі аддзяленьняў і нават асобнае месца для партманэціка.
Альжбетка, дакладней, маладая паненка Аля, захапілася яшчэ і фатаграфіяй. Яна паступіла ў спецыяльную школу, дзе даведалася, як пабудаваны фотаапарат і як карыстацца ўсемі гэтымі кнопкамі, каб фатаграфіі атрымліваліся добра экспанаванымі і рэзкімі, як праявіць фотастужку ў розных растворах, каб атрымаць негатыў і потым надрукаваць фатаграфіі ў так званым “цёмным пакоі”.
Падчас гэтых таямнічых заняткаў яна пазнаемілася з хлопчыкам Крысем. Ён заўсёды ўсміхаўся, а ў сваім заплечніку насіў мапу і марыў пабачыць увесь сьвет.
З таго часу Аля і Крысь усюды хадзілі разам, а яна зрабіла яму ў падарунак раменьчык да фотаапарату. Разам яны лазілі па старых зачыненых фабрыках, розных іншых дзіўных месцах, ўзбіраліся на самыя высокія коміны.
Невядома, калі яны закахаліся адзін у аднаго, і хоць у іх не было грошай нават на сьціплую вечарыну, яны вырашылі ажаніцца. Аля сама пашыла сабе вясельную сукенку, а вясельле яны падрыхтавалі з дапамогай сяброў.
Дарэчы, Аля ніколі не расставалася са сваей торбачкай, у якой яна хавала розныя свае скарбы-рэчы, якія маглі дзеля нечага прыдасца. Напрыклад, калі парачка закаханых ехала на сваё вясельле, старая машына па дарозе сапсавалася - з яе проста выпаў мігальнік, але Аля адразу выцягнула з магічнай торбачкі пяць шрубаў і адзін шрубнік, якімі яна хуценька ўсё направіла.
Яе торбачка заўсёды была ў парадку, у ёй ніколі не было непатрэбнага смецьця, адно сем жуек, каб, як што, то прыляпіць імі плітку ці пачаставаць сяброў, чатыры пісьмовыя прыналежнасці: ручка, пяро, маркер і аловак, якімі яны падпісвалі шлюбнае пасведчаньне, і яшчэ сем метраў шнурка - проста на выпадак.
Яны былі вельмі шчаслівыя і часта пераязджалі. Бо, калі ў свеце адбывалася нешта цікавае, Крысь шукаў на мапе, дзе гэта знаходзіцца і яны адразу накіроўваліся туды, фатаграфавалі ці здымалі, а потым дасылалі сабраныя матэрыялы ў газеты альбо на тэлебачанне. Каб хутчэй дабірацца, Крысь нават навучыўся кіраваць самалётам! Падчас вандровак яны знаёміліся з рознымі цікавымі людзьмі, якіх ахвотна запрашалі да свайго дому. Але яны любілі таксама спаць у намёце і ля вогнішча спяваць пад гітару песьні.
Аля заўсёды была гатовая да розных нечаканых сітуацый, якія маглі з імі здарыцца ў дарозе. У розных аддзяленьнях торбачкі яна захоўвала ліхтарык, батарэйку на дзевяць вольт, тры швейныя прылады на выпадак, калі заплечнік парвецца: іголку, ніткі, сантыметар, тры аграфкі і чатыры вушныя палачкі, а таксама адзін сьцізорык – рэчы, неабходныя ў паходзе. У торбачцы з рознымі рэчамі ў Альжбеткі была таксама кішэнька для партманэткі, у якой яна трымала дробныя грошы.
На жаль, у Алі і Крыся а не было сваіх дзяцей, таму яны жылі сёняшнім днём. Аднойчы, калі яны былі вельмі далёка ад дому, Аля моцна захварэла і мусіла ўвесь час ляжаць у ложку. Увесь сьвет перажываў за яе – іхнія сябры і знаёмыя не маглі хадзіць ў госці, спяваць і бавіцца ля вогнішча ўсе разам. Замест гэтага яны дасылалі Алі лісты і паштоўкі з гісторыямі і прыгодамі са свайго жыцця, і Крысь чытаў ёй гэтую перапіску пры ложку, паказваючы на мапе, выцягнутай з заплечніка, з якой часткі сьвету чарговая гісторыя прыляцела да яе.
Галоўнае, абодва ні на хвіліну не гублялі пачуцьця гумару. Нават лежачы ў ложку, Аля майстравала і рамантавала свае падаўжальнікі, і нават шыла на машынцы. Калі ў яе ўжо не хапала на гэтае сіл, яна вырашыла купіць вялікі ўчастак зямлі на ўсе грошы, якія назьбіраліся ў яе маленькай партманэтцы. Яна зрабіла гэта праз Інтэрнэт, бо не магла нікуды паехаць, каб спачатку яго паглядзець, таму што станавілася ўсё слабей і слабей. Каб не думаць пра хваробу, яны разам з Крысям будавалі планы, як сваю зямлю загаспадарыць і што на ёй будаваць. Нават назвалі яе прыгожа — АЛІПОЛЕ.
На жаль, Альжбеце не ўдалося ўбачыць сваёй зямлі.
Але Крысь, як заўсёды , выцягнуў сваю мапу і паехаў у АЛІПОЛЕ адзін. Пад вялізарным каменем, які ляжаў на іх зямлі паміж трыма плакучымі вербамі, ён закапаў у зямлю торбачку каханай жонкі. Ён старанна прыпомніў усе рэчы, якія яна вазіла ў ёй з сабой. Ён прыпомніў іх у такім парадку, каб яны склалі каардынаты Аліполя на мапе – градусы, хвіліны і секунды: 51*07'47"N (поўнач) і 19*33'41"E (усход).
Сябры Алі і Крыся ў Аліполе пасадзілі кветкі і дрэвы вакол каменя, пад якім у зямлі была схавана магічная торбачка. Вакол вырас прыгожы казачны гай, дрэвы якога давалі плады, з якіх гатавалі смачныя канфіцюры, настойкі, віно і лікёры. Было там і спецыяльнае месца для вогнішча, дзе можна было пайграць на гітары, як любіла Аля.
Дагэтуль сябры, якія часта наведваюць гэтае месца, седзячы ля вогнішча, могуць назіраць, як над іх галовамі часамі пралятае самалёт Крыся і качае крыламі, паказваючы, што ён памятае пра сваю Алю.
Мінаюць гады, змяняецца сьвет, растуць дрэвы, а арэлі вагаюцца разам з імі. Кожнае дзіця, якое прывандравала ў гай каля таго каменя, прыдумвае, што можна было б пакласці ад сябе ў закапаную ў зямлю торбачку Алі. Што магло б спатрэбіцца, каб справіцца з любой жыцьцевай сітуацыяй.
А што б вы паклалі ў гэтую торбачку?
Аўтары: Альжбета і Крысь Куш Пераклад: Ася і Тацяна Царук